“Луч” не будзе прадаваць "гадзіннікі Юшчанкі". Яны застануцца ў архівах
У інтэрнэце з'явілася інфармацыя пра тое, што на складзе гадзіннікавага завода "Луч" захоўваюцца гадзіннікі з перадвыбарнай кампаніі Віктара Юшчанкі — напамін аб аранжавай рэвалюцыі.
У адказ на пост кіраўніка "Арт-Сядзібы" Паўла Белавуса многія юзеры пачалі пісаць, што такія гадзіннікі — рарытэт і што з задавальненнем набылі б такія сабе. А расійская прэса зрэагавала на допіс Паўла абвінавачваннем беларускіх уладаў у падтрымцы Майдану.
Аднак на самім гадзіннікавым заводзе Еўрарадыё расчароўваюць: аказваецца, гадзіннікаў не тысяча, а ўсяго 10 і яны сапраўды былі замоўленыя ўкраінскім бокам у 2004 годзе.
"Нам паступіла спецзамова на гэтыя гадзіннікі, і мы зрабілі пробную партыю, якая потым магла стаць кантрактам для нашага завода, але не стала. Наша прадпрыемства працуе на рынкавых рэйках, мы вывучаем любыя прапановы, якія да нас паступаюць, таму ў тым, што ў нас ёсць гэтыя гадзіннікі, няма нічога незвычайнага. Але спецзамова не была ўзгодненая і выкупленая", — тлумачыць Іван Вярэніч, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Мінскага гадзіннікавага завода.
Па словах Івана, 10 экземпляраў "гадзіннікаў Юшчанкі" захоўваюцца ў прамысловым архіве завода разам з іншымі мадэлямі гадзіннікаў, якія ў розны час выпускаліся "Лучом".
Выпускаць іх у продаж кампанія не лічыць мэтазгодным. Хіба што нехта зробіць замову на выпуск мінімум 50 такіх гадзіннікаў.