"Luka — terrorist": У Гаазе атакаваная амбасада Беларусі ў Нідэрландах
Надпіс "Luka — terrorist" на фасадзе амбасады Беларусі / Regio 15
У Гаазе невядомыя напалі на амбасаду Беларусі ў Нідэрландах. Уночы на 2 чэрвеня на сценах будынка па вуліцы Грут Хертагінелаан з'явіліся антылукашэнкаўскія лозугі: "Luka — terrorist", "Жыве Беларусь!", "Жыве вечна!". Таксама былі разбіты тры вокны.
Паліцыя выставіла вакол амбасады ачапленне і вядзе расследаванне. Са сцен памяшкання вынятыя сляды ўчынення вандалізму. На месцы здарэння затрыманы падазраваны — 31-гадовы мужчына.
МЗС Беларусі пацвердзіла напад на будынак амбасады ў Нідэрландах. "Выбітае шкло, забруджаны фасад, — заявілі ў МЗС. — Нарад паліцыі, які прыбыў, затрымаў зламысніка".
Нідэрландскі дэпутат ад партыі Дэмакраты 66 Сьёрд Сьёрдсма асудзіў дзеянні ў дачыненні да беларускай амбасады: "Як бы справядліва вы ні злаваліся на рэжым Беларусі, Расіі ці іншых краін, не нападайце на іх амбасады ці рэзідэнцыі. Вы нікому не дапамагаеце і зніжаеце бяспеку нашых дыпламатаў у гэтых амбасадах? краінах", — напісаў ён у Twitter.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.