Лукашэнка: 2 млрд долараў з Расіі падтрымаюць нас у найцяжэйшы час (відэа)
Расія дасць Беларусі дадатковы крэдыт. Пра гэта расійскі прэзідэнт заявіў у Маскве па выніках паседжання Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што адпаведнае рашэнне прыняў урад Расіі, які вырашыў "падтрымаць калег у сувязі з тым, што адбываецца на сусветных рынках, і даць Рэспубліцы Беларусь дадатковыя крэдытныя сродкі ў 2014 годзе ў аб’ёме да 2 мільярдаў долараў". Іх Беларусь атрымае ў якасці міждзяржаўнага крэдыту на тэрмін да 10 гадоў.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за дадатковую фінансавую дапамогу і падкрэсліў, што гэтыя грошы "падтрымаюць эканоміку Беларусі ў найцяжэйшы час", падтрымаюць абменны курс беларускага рубля. Таксама кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рашэнне расійскага кіраўніцтва "прынятае не проста так". Паводле яго слоў, крэдыт дапаможа не толькі беларускай, але і расійскай эканоміцы з-за іх цесных сувязяў. Каля 10 млн расіян працуюць на беларускую эканоміку, сцвярджае Лукашэнка.
"Коммерсант" піша, што неагучаным засталося яшчэ адно падпісанае пагадненне — па вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Расіяй. "Гэта, можа быць, і ёсць сапраўдная цана пытання. Гэта менавіта тое, з-за чаго Аляксандр Лукашэнка кожны раз вяртаецца ў Маскву за перамогай", — адзначае расійскае выданне.
Лукашэнка падзякаваў Пуціну за беларускую зямлю на расійскай тэрыторыі
Фота — Коммерсант, БЕЛТА