Лукашэнка абураны, што на яго падалі заявы ў пракуратуру Германіі
Аляксандр Лукашэнка абураны, што на яго падалі заявы ў пракуратуру Германіі аб здзяйсненні "злачынстваў супраць чалавечнасці". Гэта зрабілі чатыры нямецкія адвакаты ад імя дзясятка беларусаў. Універсальная юрысдыкцыя дазваляе ў яе рамках распачынаць крымінальныя справы ў іншых краінах. Як вядома, у Беларусі дагэтуль не распачата ніводнай справы аб перавышэнні сілавікамі службовых паўнамоцтваў супраць пратэстоўцаў (а пацярпелыя ж сведчаць у замежжы і пра катаванні, і пра згвалтаванні).
"Хай бы Вялікабрытанія ўжо там выступіла, Амерыка, Францыя, у [антыгітлераўскай] кааліцыі ж былі, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Але не нашчадкі фашызму. Яны мяне будуць судзіць... Хто вы такія, каб мяне судзіць?!".
Пасля Аляксандр Лукашэнка "падкарэктаваў" свой пасыл. "Я іх [немцаў] не папракаю, — гаварыў ён. — Але яны нашчадкі пакаленняў, якія развязалі гэтую вайну [Другую сусветную]". Лукашэнка нагадаў пра кожнага трэцяга беларуса, які загінуў. І заявіў, што ў Беларусі вядзецца расследаванне аб генацыдзе беларускага народу падчас вайны.
"Яны яшчэ не адмазаліся перад беларусамі, намі, нашчадкамі гэтай перамогі, за тое, што яны нарабілі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя", — сказаў беларускі кіраўнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.