Лукашэнка абвінаваціў Фядуту і Кастусёва ў падрыхтоўцы замаху на яго і сыноў
Аляксандр Лукашэнка на суботніку
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што на яго і яго сыноў рыхтаваўся замах. Паводле яго слоў, менавіта таму ў пачатку тыдня былі затрыманыя паліткансультант Аляксандр Фядута, лідар БНФ Рыгор Кастусёў і юрыст Юры Зянковіч.
— У планах — захоп дзіцяці, аднаго, другога, як атрымаецца... "Пасадзім у склеп"... Дарэчы, у Гомельскай вобласці і склеп падрыхтавалі. Мы затрымалі групу. Яны нас прывялі, паказалі, як гэта ўсё планавалі. Я маўчаў, — распавёў Лукашэнка журналістам падчас суботніка 17 красавіка. — Затым мы выявілі працу відавочна замежных спецслужбаў — хутчэй за ўсё ЦРУ, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іх жаданне з'явіцца ў Мінск і заняцца арганізацыяй замаху на прэзідэнта і дзяцей.
Зянковіча Лукашэнка назваў "агентурай". Датычнымі да "замаху", па яго словах, былі таксама Фядута і Кастусёў. На момант затрымання Фядута, як і Зянковіч, знаходзіліся ў Маскве, а Кастусёў — у Шклове.
Заявіў Лукашэнка і пра тое, што падобнае магло рыхтавацца толькі са згоды "вышэйшага палітычнага кіраўніцтва". Ён таксама сцвярджае, што нібыта гэтую тэму ў размове з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам падняў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Пацверджанняў гэтай інфармацыі ні з расійскага, ні з амерыканскага боку няма.
У суботу ўвечары пракаментавалі затрыманне Фядуты, Кастусёва і Зянковіча ў ФСБ Расіі. Спецслужба заявіла, што яны планавалі "ажыццяўленне ваеннага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары "каляровых рэвалюцый" з прыцягненнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізічную ліквідацыю" Лукашэнкі. Пры гэтым ФСБ спасылаецца на "інфармацыю ад беларускіх партнёраў".
Дзяржтэлеканал АНТ заяўляе аб тым, што "пераварот" планаваўся на чэрвень ці ліпень, а ФСБ — што на 9 траўня.
У дачыненні да Зянковіча і Фядуты распачата справа па артыкуле 357 КК — "Змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады". У залежнасці ад часткі артыкула, пакаранне — ад васьмі гадоў да смяротнага пакарання. Артыкул, па якім распачатая справа ў дачыненні да Кастусёва, не называецца.
Дарэчы, на гэтым тыдні вайсковы экспэрт Ягор Лебядок заяўляў у эфіры Еўрарадыё аб тым, што падставай для новых рэпрэсій у Беларусі можа стаць імітацыя замаху на каго-небудзь з высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.