Лукашэнка: без рашэнняў па нафце і газе нам з Расіяй "і размяўляць няма пра што"

president.gov.by
president.gov.by

У аўторак, 9 ліпеня, Аляксандр Лукашэнка агучыў некаторыя праблемы, якія неабходна вырашыць Беларусі і Расіі, перш чым гаварыць пра інтэграцыю.

"Напрыклад, у нас сёння каля 80 прадпрыемстваў закрытыя Рассельгаснаглядам ці нейкім там органам у Расіі, а можа быць, і ўрадам. Хутчэй за ўсё, урадам, — сказаў ён падчас сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Грыгорыем Рапотам. — Закрытыя для паставак нашай прадукцыі ў Расію. Прытым з надуманых прычынаў. Бо можна прыняць і абгрунтаваць любое рашэнне... Калі мы так адно з адным сёння будуем адносіны, слухайце, пра якую агульную валюту і ўваходжанне або аб'яднанне дзяржаў можна гаварыць... Трэба расчысціць. Гэтага проста быць не павінна ў адносінах паміж дзвюма дзяржавамі".

У якасці яшчэ аднаго прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў доступ да дзяржзамоваў. Па яго словах, "усе павінныя быць у роўных умовах. І прадпрыемствы Расіі, і Беларусі. Або прамысловая кааперацыя, пра якую мы шмат гаворым. Ці падатковы манеўр, які падкінулі замест мытных пошлін, пра якія мы дамаўляліся, што іх наогул у ЕАЭС быць не павінна. Не тое што ў Саюзнай дзяржаве. Або скончыліся ўжо фактычна тэрміны па перамовах на пастаўкі прыроднага газу і нафты на будучыню".

"Без вырашэння гэтых пытанняў і размаўляць няма пра што, з нашага боку. То бок, маса праблем", — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. Гэта заява прагучала на фоне рэзкай пазіцыі, якую напярэдадні выказаў віцэ-прэм'ер расійскага ўрада Дзмітрый Козак. Чыноўнік паставіў на першае месца не ўрэгуляванне пытанняў у галіне прамысловай вытворчасці або энергетыкі, а прагрэс у інтэграцыі Беларусі і Расіі:

"Мы пакуль праводзім перамовы аб паглыбленні інтэграцыйных працэсаў. Пасля таго, як скончым дыялог на гэтую тэму, стане ясна, калі і якім чынам мы будзем збліжаць нашы рынкі газу, рабіць адзіны рынак або агульны рынак газу", — сказаў Козак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі