Лукашэнка анансаваў авіярэйсы з Беларусі ў Крым
У адказ на закрыццё неба над Украінай для беларускіх авіякампаній Аляксандр Лукашэнка анансаваў рэйс з Беларусі ў Крым.
"Украіна закрыла для нас неба. У нас ёсць свой санаторый у Крыме, у Місхоры, куды людзі заўсёды ездзілі, ляталі. Каб не абвастраць адносіны, мы праз Украіну — хто на цягніку, хто на аўтамабілі, хто на самалёце. Цяпер закрылі неба. Я сказаў Пуціну: "Ты падумай, як нам трапіць у Крым. Не праз Польшчу ж мы паляцім: туды таксама не пускаюць", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Ён заявіў, што адпаведным ведамствам далі заданне, каб яны прапрацавалі пытанне.
Верагодна, рэйсы з Беларусі ў Крым будуць адбывацца праз Расію. Між тым, Украіна ўспрымае ўсіх, хто трапляе ў Крым з тэрыторыі Расіі, як парушальнікаў украінскай мяжы. Гэта пагражае ім забаронай на ўезд ва Украіну.
Дарэчы, Беларусь дагэтуль афіцыйна не прызнала Крым часткай Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.