Лукашэнка анансаваў новую хвалю мігрантаў. Хто гэтыя людзі?
Вымушаная міграцыя
Каб трапіць у беларускую "міграцыйку", трэба прыйсці да пяці раніцы. І нават тады ты не будзеш у чарзе першым. У чатах украінскіх уцекачоў у Беларусі пішуць, што ў чэргах цяпер стаяць пераважна грамадзяне краін Цэнтральнай Азіі.
Кіроўца мінскага таксі Фуркат (імя змененае) расказвае нам, што стаўленне да мігрантаў у Расіі апошнім часам прыкметна пагоршылася, таму многія яго суайчыннікі пераехалі працаваць у Мінск.
"Складана было толькі разабрацца з мясцовай бюракратыяй, у міграцыйцы былі чэргі 300-400 чалавек на дзень", — кажа Фуркат пра тое, як легалізаваўся ў Беларусі.
Чаму мігранты, якія традыцыйна ехалі ў Расію, цяпер пераязджаюць у Беларусь? І ці звязана гэта з таямнічай заявай Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што да нас у краіну "падцягваюцца людзі з Усходу"?
Еўрарадыё разам з экспертамі з краін Цэнтральнай Азіі спрабавала разгадаць туманныя выказванні беларускага палітыка.
Хто такія "людзі з Усходу", якіх паабяцаў Лукашэнка?
Імаверна, палітык меў на ўвазе ўсё ж не "Усход", а Цэнтральную Азію. Бо мігранты з Блізкага Усходу не "падцягваюцца", а ўжо тры гады спрабуюць праз тэрыторыю Беларусі трапіць у краіны Еўрасаюза.
Здаецца, у самога Лукашэнкі стаўленне да абяцанага ім жа крызісу складанае. З аднаго боку, ён кажа, што "працоўныя рэсурсы нам патрэбныя". З іншага — дадае, што "падцягваюцца" "некампетэнтныя людзі", якія "далёкія ад тых пытанняў, якія мы вырашаем". Адным словам, яго быццам паставілі перад фактам — на Беларусь насоўваецца новая хваля міграцыі, — і пакуль сам Лукашэнка не зусім разумее, што з гэтым рабіць.
— З Душанбэ, сталіцы, людзі з'язджаюць радзей. Большасць едзе з вёсак, з сельскіх рэгіёнаў, — кажа Зэба.
Дзеля якіх заробкаў грамадзяне Таджыкістана з'язджаюць з дому? Калі гаворка ідзе пра рабочыя спецыяльнасці, то мінімальная планка — каля 500 еўра. Некаторыя ў Маскве зараблялі да 1,5 тыс. долараў, кажа Зеба. Спецыялісты з досведам могуць атрымліваць да 2 тыс. долараў.
— Раней, калі курс расійскага рубля быў нядрэнны, быў сэнс ехаць на заробкі. Для сельскіх рэгіёнаў гэта наогул былі велізарныя грошы. Але цяпер сітуацыя змянілася.
Мая знаёмая з'ехала працаваць у Расію за 50 тыс. рублёў (каля 470 долараў). Але яна плаціць за жыллё, плаціць за харчаванне. Што яна можа адправіць дадому? Каля 10 тыс. рублёў (менш за 100 долараў). Гэтыя грошы можна зарабіць і ў Душанбэ.
З іншага боку, мінімальная пенсія ў нас у краіне — 20 долараў, сярэдняя — каля 60-70 долараў. Можна зразумець, чаму людзі ехалі ў Расію за 500 долараў.
Цяпер шмат хто будзе вымушаны шукаць іншыя рынкі працы, каб некуды выехаць і хоць нешта зарабіць. Але ў першую чаргу яны разглядаюць, вядома, краіны Еўрасаюза, а не Беларусь.
Ёсць яшчэ адна опцыя, каб напэўна застацца ў Расіі і пазбегнуць праблем з дакументамі. Мігранты могуць падпісаць кантракт з Мінабароны. Жаданне Расіі адправіць мігрантаў на вайну — даволі непрыхаванае. Але і мігранты шчырыя ў адсутнасці жадання ваяваць ва Украіне. Вось што нам расказвае Кадзір (імя змененае), які нядаўна пераехаў з Масквы ў Варшаву:
— Я жыў у Маскве 12 гадоў з відам на жыхарства, а потым у міграцыйцы ў мяне спыталі, чаму я не атрымаў расійскае грамадзянства. Я не хацеў грамадзянства, бо не хацеў, каб мяне адправілі на вайну ва Украіну, так што цяпер я жыву ў Польшчы.
Хвалі мігрантаў з Туркменістана чакаць не варта: адтуль занадта складана з'ехаць
"У Туркменістане жартуюць: калі Лукашэнка лічыць, што Мінск чысты — значыць, ён яшчэ не бачыў Ашхабада", — расказвае нам латвійская журналістка і пісьменніца Элвіта Рука.
Яна шмат разоў была ў Беларусі, а нядаўна зацікавілася новым кірункам — Туркменістанам. І цяпер Элвіта вас здзівіць: яна лічыць, што ў Туркменістана і Беларусі шмат агульнага, і гэта не толькі чыстыя вуліцы ў сталіцах.
— Проста ў Ашхабада ёсць яшчэ і азіяцкі размах, каларыт, яны ўсё робяць большым і яскравейшым. Гэта тычыцца архітэктуры, адзення, — кажа Элвіта. — Першае ўражанне ад Ашхабада — "Дубай адпачывае". Гэта неверагодны сюрпрыз, усё ж ад постсавецкай краіны не чакаеш таго, чаго чакаеш ад Арабскіх Эміратаў. Але, вядома, такі размах толькі ў Ашхабадзе, за яго межамі ўжо зусім іншая гісторыя.
Элвіта не думае, што Беларусі варта чакаць нейкага значнага прытоку мігрантаў з Туркменістана — не тое каб многія спрабуюць (і могуць) з'ехаць з краіны.
— Адзін хлопец з Беларусі неяк сказаў мне, што ў вашай краіне добра жывецца 90% людзей, у якіх няма амбіцый. Вось калі ты адносішся да 10% з амбіцыямі, калі хочаш нечага іншага, жыць табе складаней. Думаю, такая ж прапорцыя ў Туркменістане.
У гэтую краіну цяжка трапіць, яна абараняе свае межы, баіцца чужых (гэты страх звязаны з гістарычнымі працэсамі, якія праходзілі на тэрыторыі Туркменістана). І паколькі яны зрабіліся незалежнымі, туркмены берагуць сваю культуру і свае межы. І ў чымсьці, напэўна, маюць рацыю.
Агулам людзі ў Туркменістане жывуць лепш, чым гэта спрабуюць паказваць у медыя. Калі я чытала пра гэтую краіну, мне здавалася, што гэта нейкае страшнае месца, дзе ўсё дрэнна, дзе нічога няма. А калі прыязджаеш, то здаецца, быццам Захад ледзь не з зайздрасці так кажа. Вядома, там ёсць праблемы, але яны не страшныя. Проста заходнім краінам складана прыняць магчымасць іншага тыпу мыслення. Усходняя дэмакратыя ніколі не будзе падобная на заходнюю.
Элвіта кажа, што палюбіла народ Туркменістана, нягледзячы на "дзівацтвы", якія дэманструюць улады краіны. Але яна сумняваецца, што ў беларусаў будзе магчымасць таксама палюбіць гэты народ, бо хваля міграцыі менавіта з Туркменістана ў Беларусь наўрад ці здарыцца.
Але нельга адмаўляць, што грамадзяне краіны змогуць паспрабаваць выкарыстоўваць Беларусь як краіну транзіту на захад. Калі ва Украіне пачалася поўнамаштабная вайна, Ашхабад паслаў самалёты па сваіх студэнтаў. Але самалёты прыляталі назад практычна пустымі — студэнты выбралі шлях у Еўропу, а не дадому.
— Мне здаецца, вашы народы падобныя менталітэтам. Туркмены — хатнія, добрыя людзі, прывязаныя да сваёй сям'і і сваёй зямлі. А яшчэ Беларусь і Туркменістан — гэта дзве аўтарытарныя краіны, якія перайшлі з савецкага ладу ў новы без пераасэнсавання сваёй гісторыі, без пакаяння.
Як у Беларусі мяняліся законы пад працоўных мігрантаў?
Разумеючы, што з Беларусі з'язджае ўсё больш кваліфікаваных спецыялістаў, улады пачалі спрашчаць працэдуры легалізацыі для мігрантаў. У пачатку года мігрантам з краін ЕАЭС стала прасцей атрымаць дазвол на доўгатэрміновае знаходжанне ў Беларусі. Грамадзянам Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі дазволілі атрымліваць ВНЖ на тэрмін дзеяння дагавора, заключанага з наймальнікам. Раней тэрмін абмяжоўваўся годам, прывілеі былі толькі ў айцішнікаў, якія працуюць з кампаніяй ПВТ.
А яшчэ Міністэрства працы пашырыла спіс рабочых прафесій, на якія могуць прэтэндаваць замежнікі, нават калі ў іх няма дазволу на пастаяннае пражыванне ў Беларусі. У спісе 38 рабочых спецыяльнасцяў (сярод іх — кіроўца, слесар, кухар). Ёсць у гэтым спісе і вакансіі для кваліфікаваных работнікаў — медсясцёр і акушэрак, аграномаў і іншых.
Так што і ў Беларусі яны, хутчэй за ўсё, не затрымаюцца. Але што, калі затрымаюцца? Ці гатовае монаэтнічнае беларускае грамадства, быццам вядомае сваёй талерантнасцю, да сустрэчы з замежнікамі? Магчыма.
Першы міграцыйны крызіс у Беларусі здарыўся не ў 2021 годзе, а за пяць гадоў да гэтага. Памятаеце, як уцекачы з Чачні начавалі на брэсцкім вакзале, спадзеючыся трапіць у Еўрасаюз? І тады дапамога з боку беларусаў была велізарнай, кажа экспертка праваабарончай арганізацыі Human Constanta:
— Мы тады збіралі вельмі шмат гуманітарнай дапамогі ад людзей. І ў 2021 годзе, калі здарыўся новы міграцыйны крызіс, людзі таксама адгукнуліся, хацелі дапамагчы. Хоць праз палітычную сітуацыю гэта было ўжо складаней зрабіць, а большасць арганізацый, якія маглі б аказваць дапамогу, былі ліквідаваныя.
Але калі мы сутыкнемся з новай хваляй мігрантаў, рэакцыя беларусаў можа быць іншай, прызнаюць у Human Constanta. І ў 2016 годзе, і ў 2021-м беларусы разумелі, што большасць мігрантаў едзе праз Беларусь транзітам і не плануе спыняцца тут.
— Але цяпер дзяржава збіраецца за кошт мігрантаў у тым ліку развязваць праблему адтоку працоўнай сілы. Прымаюцца пэўныя нарматыўна-прававыя акты, якія павінны палегчыць легалізацыю працоўных мігрантаў. І гэта ўжо новы выклік.
Але пакуль мігранты, якія звяртаюцца па дапамогу ў Human Constanta, не скардзяцца на праявы ксенафобіі. Хіба што грамадзяне Кітая сутыкаліся з тым, што кватэры ім здаюць даражэй, чым беларусам.
Human Constanta нядаўна паспрабавала вымераць узровень нашай талерантнасці. Удзельнікам апытання прапаноўвалася адказаць, каго яны не хацелі б бачыць сярод сваіх суседзяў.
Вынікі для талерантнасці суцяшальныя: аказалася, што нашмат больш, чым замежнікаў, беларусы баяцца нарка- і алказалежных суседзяў, а яшчэ прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Але гэтае апытанне праводзілася сярод аўдыторыі, якая падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці. Ці можна маштабаваць яго вынікі на ўсю Беларусь, не цалкам зразумела.
Свядома ці не, але прапаганда працуе над тым, каб талерантнасці ў беларусах стала менш. У дзяржмедыя легітымізуецца ідэя, што ненавідзець кагосьці — гэта нармальна.
— Я не здзіўлюся, калі ў людзях пачне праяўляцца нецярпімасць да мігрантаў. Бо ў інфапрасторы нібыта "дазволена" ненавідзець іншых людзей. Сёння людзей не вучаць памяркоўнасці. І рана ці позна гэта пачне вылівацца.
Мы ўжо сутыкаемся з тым, што суседзі пішуць заявы адно на аднаго, прыдумляючы гісторыі, быццам у суседняй кватэры жывуць апазіцыянеры. У нас у юрыдычнай службе ёсць такія выпадкі, і кейсаў, калі беларусы выкарыстоўваюць сістэму, будзе ўсё больш.
Не дадумвайце
Мы папрасілі экспертку Human Constanta даць парады, як заставацца прыстойным чалавекам і не даць дзяржаве перамагчы тваю талерантнасць.
— Базавае правіла — павага да любых традыцый. Калі не ўпэўнены, як дачыняцца з чалавекам — спытайце яго. Спытайце, як правільна называецца яго нацыянальнасць, яго краіна, распытайце пра традыцыі. Спытаць — гэта нармальна. І гэтак жа нармальна падзяліцца сваімі традыцыямі, нават побытавымі. Расказаць, як прынята ў вас у культуры.
Ну і галоўнае: не трэба нешта здагадвацца пра людзей. Бо ўсе стэрэатыпы будуюцца на здагадках, на тым, што мы думаем, быццам мы ведаем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.