Лукашэнка атрымаў "добры знак" і заявіў пра пацяпленне адносінаў з Захадам

4 траўня ў Мінску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і федэральнага міністра па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі Себасціянам Курцам. Гаворка ішла не толькі пра беларуска-аўстрыйскія адносіны, але і пра дачыненні Беларусі і Еўрасаюза.

Лукашэнка выказаў меркаванне, што на сённяшні дзень у адносінах Беларусі з Захадам назіраецца "некаторае пацяпленне". "Мы хацелі б, каб ваша краіна, ды і Захад у цэлым усё ж такі, бліжэй паглядзеў на Беларусь і зрабіў адпаведныя высновы, ды распачаў шэраг крокаў у правільным кірунку", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь кантактавала з Аўстрыяй больш, чым з іншымі краінамі. Цяперашні візіт аўстрыйскага міністра ён лічыць "добрым знакам". Ён спадзяецца, што далей будуць "больш маштабныя крокі па пашырэнню нашага супрацоўніцтва".

Курц заявіў, што Аўстрыя гатовая садзейнічаць развіццю пазітыўнай дынамікі дачыненняў Беларусі і Еўрасаюза. Аўстрыйскі міністр гаварыў пра "няпростыя часы" для краін Усходняй Еўропы ў сувязі з украінскім крызісам.

Таксама федэральны міністр па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі Себасціян Курц сустрэўся ў Мінску з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем.

Фота: БЕЛТА, ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі