Лукашэнка павіншаваў беларусаў з Днём кастрычніцкай рэвалюцыі
У Беларусі сёння адзначаецца дзяржаўнае свята.
Нагадаем, 25 кастрычніка (7 лістапада паводле новага стылю) 1917 года ў Петраградзе ўладу захапілі бальшавікі на чале з Уладзімірам Ульянавым (Леніным), якія паднялі ўзброенае паўстанне супраць Часовага ўраду. Паступова яны ўзялі пад кантроль значную частку былой Расійскай імперыі ды ўтварылі СССР, у склад якога да 1991 года ўваходзіла і Беларусь. У нашай краіне 7 лістапада — дзяржаўнае свята, выхадны дзень.
Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні адзначае, што падзеі кастрычніка 1917 года "змянілі лёс вялізнай краіны і стварылі ўмовы для нацыянальнага адраджэння народаў..., а таксама для рэалізацыі права нацый на самавызначэнне". Ён падкрэслівае, што Беларусь захавала патэнцыял, здабыты ў савецкія часы, а цяпер і ўзбагачае яго, "выбраўшы ўласны шлях развіцця".
"Мы адны з нямногіх на постсавецкай прасторы, хто аддае даніну павагі гэтай гістарычнай даце. Беларусы не адмаўляюцца ад уласнага мінулага, але і не хочуць паступацца суверэнным правам самастойна вызначаць сваю будучыню", — цытуе тэкст віншавання прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Цалкам тэкст віншавання можна пабачыць тут.
Здымак з архіву. Фота — БЕЛТА