"Лукашэнка быў добразычлівы.., таму што цяпер такая сітуацыя ў краіне"
Еўрарадыё сабрала меркаванні сталых наведвальнікаў прэс-канферэнцый Аляксандра Лукашэнка пра сустрэчу 29 студзеня.
Карэспандэнт BBC Таццяна Мельнічук:
У параўнанні з мінулымі гэта прэс-канферэнцыя прайшла цікавей. У тым сэнсе, што не было таго, што мы звычайна бачым на прэс-канферэнцыях і нашых, і расійскіх: калі журналісты асабліва з рэгіёнаў перш за ўсё выказваюць узрушаныя словы ўдзячнасці, доўга пералічваюць усе дасягненні, а потым фармулююць якую-небудзь дробную праблему і дробнае пытанне. Нават журналісты дзяржаўных СМІ, якія задалі тон гэтай сустрэчы, усё ж такі акрэслівалі праблемы.
Як я зразумела, арганізатары доўга не маглі вызначыцца з фарматам гэтай прэс-канферэнцыі і запрашалі журналістаў у больш шырокім коле літаральна ў апошнія дні. Мне, напрыклад, патэлефанавалі з МЗС літаральна напярэдадні і сказалі, што будзе такая сустрэча і мяне запрашаюць. Таму прадстаўніцтва ў выніку было досыць шырокае, і ўсім далі мажлівасць выказацца. Звычайна гэта ўсё абмяжоўваецца па часе хоць неяк, але гэтым разам не. Таму прэс-канферэнцыя і была занадта доўгая, што таксама адметна.
Яшчэ мне спадабалася тое, што прэзідэнт стараўся слухаць. Яму было важна наладзіць пэўны кантакт, дыялог. І гэты кантакт яму патрэбны цяпер у праблемны час. Таму што без такога грамадзянскага паразумення ў Беларусі нічога не будзе, бо часы цяпер вельмі складаныя. Але ў той жа час мне вельмі не спадабалася рэакцыя некаторых чыноўнікаў узроўню міністэрстваў. Мне здаецца, ім таксама варта было б прыслухоўвацца да таго, што кажуць, а не спрабаваць гэта ўсё аспрэчваць!
Галоўны рэдактар газеты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч:
Па-першае, сем гадзін з гакам цягнулася прэс-канферэнцыя, такога яшчэ не было ніколі. Па-другое, мне здаецца, што нікому ніхто рот не затыкаў. І наадварот Лукашэнка на гэты раз, мне здаецца, больш дэмакратычна раскрываўся і дзейнічаў, чым некаторыя нашы сённяшнія выступоўцы. Паглядзіце, які дыялог атрымаўся з тым жа Лукашуком! Лукашук, як хацеў выказацца, так і выказаўся. І з іншымі журналістамі. У мяне, здаецца, 25 хвілін цягнуўся дыялог з ім — гэта ж не жартачкі!
Калі б яшчэ нас, журналістаў, загадзя падрыхтавалі, што гэта будзе не маналог, а дыялог і што сапраўды можна будзе ў пэўным дыскусійным фармаце разглядаць розныя праблемы, то было б лепей. Бо атрымалася, што журналісты некаторыя, асабліва дзяржаўных выданняў… вядома, што ніхто з іх не разумее, што такое дыялог, усе яны лічаць, што галоўнае, каб пытанне не пакрыўдзіла таго ж Лукашэнку. Але ж журналісты недзяржаўных выданняў таксама павінныя былі больш свабодна адчуваць сябе. Можна было і больш востра, і больш праблематычна, але гэта ўласная справа кожнага.
Добра калі б сённяшняя сустрэча стала традыцыйнай у гэтым плане. Каб не адзін Лукашэнка меў там слова, але мелі слова і мы, каб маглі паспрачацца ды абмеркаваць.
Ульяна Бабаед, намеснік рэдактара “Камсамольскай праўды ў Беларусі”:
Гэта прэс-канферэнцыя адрознівалася ад папярэдняй, я б сказала, тым, што было больш добразычлівасці ў адрас журналістаў. І гэта сапраўды адчувалася. А чаму так было? Скажам так, што такі момант і такая сітуацыя ў краіне. Шмат было рознымі журналістамі выказана жаданне аб’яднацца, абараніць краіну, суверэнітэт і г.д. Маўляў, не час варагаваць і выказваць розныя пункты гледжання ўнутры краіны. Такога раней ніколі не было. Нехта нават у ФБ напісаў, што журналісты памірыліся з Лукашэнкам. Вось у гэтым, напэўна, гэта добразычлівасць і праявілася. А ў астатнім была звычайная прэсуха, як і ўсе іншыя. Ніколі не было ніякіх абмежаванняў, калі ты хочаш задаць пытанне і дастаішся ў чарзе, то ты яго задасі. Неяк так!
Фота: БЕЛТА, tut.by, nn.by, mediakritika.by