Лукашэнка даручыў узяць гандаль "за жабры жалезна"
Аляксандр Лукашэнка ў Гродзенскай вобласці / БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць гандаль "за жабры жалезна" — заключыць з сеткамі дамовы на пастаўку айчыннай прадукцыі, каб не завозіць зімой і вясной імпартную гародніну, у тым ліку бульбу. Пра гэта ён казаў падчас паездкі ў Гродзенскую вобласць. Унутраны рынак павінен быць у міжсезонне забяспечаны беларускай гароднінай, таму ён запатрабаваў максімальна запоўніць сховішчы плодаагародніннай прадукцыяй і ўжо зараз дамовіцца з крамамі.
"Маё глыбокае перакананне: хлеб, мяса, малако, гародніна і, зразумела, садавіна, якая расце ў нашым клімаце, на стале па максімуме павінны быць айчыннай вытворчасці. Гэта значыць сваё, беларускае, і яшчэ раз сваё", — цытуе Лукашэнку БЕЛТА. Калі будуць лішкі, якія не атрымаецца закласці на захоўванне, іх адправяць на экспарт.
Раней Лукашэнка казаў, што мае намер увесці ў сельскай гаспадарцы дыктатуру. Падчас паездкі ў Смалявіцкі раён 16 жніўня ён раскрытыкаваў чыноўнікаў за невыкананне тэхналогій і дрэнную дысцыпліну. Ён прывёў у прыклад фермераў, "а ў нас кіраўнік правёў планёрку, і ўсе шчокі надзімаюць". Лукашэнка заклікаў сваіх чыноўнікаў "пачынаць па-сапраўднаму працаваць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.