Лукашэнка хоча адкрыць новую старонку адносінаў з Германіяй

Лукашэнка хоча адкрыць новую старонку адносінаў з Германіяй

Беларусь адкрывае новую старонку адносін з Германіяй, накіраваную ў лепшы бок. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 лістапада на сустрэчы з віцэ-канцлерам, федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Зігмарам Габрыэлем.

"Шмат гавораць пра мінулае нашых адносін, пра негатыўныя факты і фактары. Але ў Мінску ёсць шмат таго, што ў станоўчым плане характарызуе нашы дзяржавы. Час ідзе, ён мяняе многае. Так і ў сучасным свеце нашы адносіны змяняюцца з цягам часу. Я вельмі спадзяюся і ўпэўнены, што мы адкрываем новую старонку ў нашых адносінах, накіраваную ў лепшы бок", — цытуе БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка падзякаваў Германіі за штогадовую дапамогу ў аздараўленні беларускіх дзяцей з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Таксама падзякаваў ён за тэхналагічную падтрымку беларускай эканоміцы. "Амаль увесь імпарт з Германіі — гэта высокатэхналагічнае абсталяванне, тэхналогіі", — падкрэсліў беларускі кіраўнік. 

Ён прапанаваў нямецкаму боку звярнуць увагу на індустрыяльны парк "Вялікі камень", дзе дзейнічаюць самыя льготныя ўмовы для інвестараў. 

Таксама Лукашэнка папрасіў германскі бок уважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі і аб'ектыўна яе ацэньваць. Ён запэўніў, што з тэрыторыі Беларусі ніколі не будзе ніводнага сігналу пра парушэнне цэласнасці і бяспекі еўрапейскага кантынента.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі