Лукашэнка і Пуцін дамовіліся правесці яшчэ адну сустрэчу да канца года

Перамовы 25 снежня. Фота: прэс-служба Крамля
Перамовы 25 снежня. Фота: прэс-служба Крамля

Па выніках перамоваў, што адбыліся 25 снежня, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін запланавалі яшчэ адну сустрэчу. Яна павінна прайсці да Новага года, гэта значыць у бліжэйшыя 6 дзён. Дакладная дата яшчэ не ўзгодненая — яе вызначаць з улікам графікаў кіраўнікоў дзяржаў, распавяла журналістам тэлеканала "Беларусь 1" Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Лукашэнкі.

На думку Эйсмант, сённяшнія перамовы можна назваць канструктыўнымі. Прэзідэнты абмеркавалі "ўвесь спектр пытанняў нашага агульнага парадку дня". Сярод тэм для размовы былі цэнаўтварэнне на газ, праца нафтаперапрацоўчага сектара ва ўмовах падатковага манеўру, які праводзіцца Расіяй, пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання на расійскі рынак.

Раней стала вядома, што вынікам перамоваў стала стварэнне беларуска-расійскай міжурадавай працоўнай групы па вылучэнні прапановаў па інтэграцыі і вырашэнні пытанняў беларуска-расійскага парадку дня. Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм'ер і міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў.

"Гэтая працоўная група будзе рыхтаваць прапановы па нашай далейшай інтэграцыі і вырашэнню тых надзённых пытанняў, якія турбуюць урады нашых краін", — удакладніў Сілуанаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі