Лукашэнка і Пуцін раз’ехаліся — прымус да інтэграцыі застаўся?
Беларусь і Расія дамовіліся па прынцыповых пытаннях развіцця інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы, а вырашыць усе спрэчныя пытанні і падрыхтаваць праграму стратэгіі дзеянняў па інтэграцыі плануецца да 8 снежня. Такую заяву робіць Аляксандр Лукашэнка 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу, падводзячы вынік Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
"Мы маем сёння праграму. Гэта больш-менш стратэгічны дакумент. І мы сёння маем вялікі аб'ём, можна сказаць па-народнаму, кучу бягучых праблем. Група і ўрады гэтыя праблемы бачаць. І выпрацавалі праграму, якая, паводле ўрадавых ацэнак, на 80-90 % узгоднена”, — кажа Аляксандр Лукашэнка.
Што гэта за спрэчныя пытанні ці “бягучыя праблемы”? На самай справе іх даволі шмат. Калі ж казаць пра галоўныя, то гэта — кампенсацыя за расійскі падатковы манеўр, вызначэнне кошту на газ для Беларусі на наступны год, выплата даўно абяцаных расійскіх крэдытаў. На ўсе гэтыя “спрэчныя пытанні” з Масквы, ад прадстаўнікоў расійскага ўрада, гучала: “Спачатку інтэграцыя, а потым ўжо…”
Здавалася, пасля перамоў лідараў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу пытанне пра тое, што будзе “спачатку”, знятае, але…
Не паспеў Форум рэгіёнаў скончыцца, а лідары раз’ехацца па дамах, як “бягучыя праблемы” нагадалі пра сябе.
“Падатковы манеўр — гэта суверэннае права Расіі, таму наўрад ці карэктна казаць аб якой бы то ні было “кампенсацыі” для Мінска, гаворка можа ісці аб магчымым садзейнічанні Беларусі ў змякчэнні наступстваў пры яго ўвядзенні”, — заяўляе 19 ліпеня РІА Навіны намеснік кіраўніка МЗС РФ Рыгор Карасін.
Па словах дацэнта кафедры паліталогіі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін Кірыла Коктыша, такога развіцця падзей і варта было чакаць. Бо ў Расіі сёння на мэце — абмежаваць любую фінансавую падтрымку Беларусі.
“Для Расіі сёння будзе вельмі выгадным скараціць тыя грошы, якія яна адлічвала Беларусі, захаваўшы існуючы статус узаемаадносін. Тактыка абрана простая: крыху менш плаціць за існуючы саюз. З Масквы гучыць: “Спачатку інтэграцыя, а потым перамовы па коштах на газ”. Тое ж датычыцца і расійскіх крэдытаў ці кампенсацыі за падатковы манеўр. З Мінска адказваюць, што гэта для Беларусі непрымальна. У Маскве паціраюць рукі: “Ну, значыцца, ніякіх крэдытаў і кампенсацыі, а за газ плаціце столькі, колькі мы вам скажам!” Калі нічога не рабіць, калі з Мінска не будзе нейкіх сустрэчных прапаноў і ініцыятыў, то расійскі ўрад здолее рэалізаваць гэтую гульню. Бо калі застаешся проста аб’ектам, нічога не прапануеш, не робіш ніякіх хадоў у адказ і проста кажаш: “Так не можа быць, гэта няправільна”, то нічога не атрымаецца, бо кожны будзе гуляць на сваю карысць”, — тлумачыць Кірыл Коктыш.
Сёння Беларусь у перамовах з Расіяй павінна абраць іншую стратэгію — актыўна рабіць Маскве такія прапановы, якія “ні публічна, ні непублічна немагчыма будзе адрынуць”.
“Гэта могуць быць такія прапановы, як алічбоўка прамысловасці і пратэкцыянізм для прамысловасці. Шмат якія прадпрыемствы ў Расіі будуць шчаслівыя, калі Беларусь пачне лабіраваць прамысловую палітыку і наяўнасць прамысловай палітыкі. Калі Беларусь пойдзе гэтым шляхам, то імгненна атрымае ў Расіі вялікую колькасць саюзнікаў. Але ж на гэта Мінску трэба рашыцца”, — прапануе свае варыянты дзеянняў для Беларусі палітолаг Кірыл Коктыш.
Але адважыцца на гэта вельмі складана, бо адразу знойдуцца тыя, як у Расіі, так і ў Беларусі, хто назаве такія ініцыятывы “эканамічнай ерассю” ды “абвяржэннем лібералізму” і будзе ім супраціўляцца.
Пра тое, што Расія думае найперш пра скарачэнне выдаткаў на Беларусь, а не пра яе анексію праз паглыбленне інтэграцыі, у эфіры Еўрарадыё кажа і эксперт Фонду Карнегі Балаш Ярабік.
Пра адсутнасць у Крамля планаў анексаваць нашу краіну гаворыць і Кірыл Коктыш:
“Ліберальная тусоўка ў Маскве пра гэта [планы Крамля анексаваць Беларусь. — Еўрарадыё] шмат казала. Але гэта першая прыкмета таго, што менавіта гэта ніколі не будзе мэйнстрымам. За ўсе гады Пуціна было менавіта так. Гэта ўсё падманны след”, — перакананы палітолаг.
Падстаў не верыць экспертам няма. Не выключана, што за ўсімі апошнімі падзеямі сапраўды стаіць толькі жаданне Масквы менш выдаткоўваць на Беларусь. Але ці здымае гэта пытанне пра пагрозу незалежнасці нашай краіны?
А ў гэты час у Беларусі збіраюць подпісы пад петыцыяй з патрабаваннем дэнансаваць Дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Ініцыятарам стварэння такой петыцыі стала... дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.