Лукашэнка і Пуцін запланавалі размову ў Нур-Султане
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін запланавалі размову ў Нур-Султане. Пра гэта ria.ru паведаміў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.
29 траўня ў сталіцы Казахстана Лукашэнка і Пуцін паўдзельнічаюць у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, прымеркаванага да 5-гадовага юбілею Еўразійскага саюза. "Кантакты на палях [саміту] будуць абавязкова, — кажа Пяскоў. — Пытанні загадзя невядомыя". Аднак відавочна, што гаворка пойдзе пра "інтэграцыю", пастаўкі беларускіх прадуктаў у Расію і перашкоды, пра кампенсацыю за няякасную расійскую нафту і г. д.
Напярэдадні ў Маскве раптоўна згадалі пра старую незаконную схему з пастаўкамі беларусамі ў ЕС нафтапрадуктаў пад выглядам "растваральнікаў", і хочуць спагнаць з Беларусі "запазычанасць".