Лукашэнка: ідзём як па тонкім лёдзе, як па лязе нажа...
Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму ў Беларусі марудна прасоўваюцца рэформы. 31 траўня ён сустракаўся ў Мінску з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных дзяржаваў. Лукашэнка заявіў, што свабоды і дэмакратыі ў нашай краіне не менш, чым у Расіі ці на Захадзе.
"Але, можа быць, мы больш жорстка патрабуем парадку, таму што мы не так багатыя, як Расія, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Яна можа дапусціць памылку, але велізарныя багацці дапамагаюць гэтую памылку хутка выправіць".
Калі гаворка зайшла пра рэформы, беларускі кіраўнік звязаў іх хуткасць з наяўнымі ў краіны рэсурсамі. "Калі ў нас утвараецца дзесьці дзірка, нам няма чым яе залатаць, — гаварыў Лукашэнка. — Таму мы і так званыя рэформы прасоўваем павольна, крок за крокам. Ідзём як па тонкім лёдзе, як па лязе нажа, каб не спатыкнуцца, не дапусціць памылкі".
Па словах кіраўніка дзяржавы, на выпраўленне памылак няма не толькі грошай, але і часу. "Адстанем — не дагонім", — сказаў ён на сустрэчы з замежнікамі. Таму рэформы ў Беларусі і рухаюцца марудна.