Лукашэнка лічыць, што беларусы "расхлябаныя і разбэшчаныя"

Лукашэнка лічыць, што беларусы "расхлябаныя і разбэшчаныя"

25 студзеня Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт сітуацыі ў нашай краіне з перапрацоўкай адходаў і выпрацоўкай другаснай сыравіны. Падчас уручэння дыпломаў і атэстатаў навуковым і навукова-педагагічным работнікам кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта важная праблема. У некаторых дзяржавах шклотару ў асноўным вырабляюць з другаснай сыравіны.

"А ў нас? Мы, бачыце, багатыя, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Мы проста расхлябаныя і разбэшчаныя, як кажуць у Беларусі".

Адміністрацыя прэзідэнта ўжо атрымала даручэнне ўзяць праблему пад жорсткі кантроль. Па словах кіраўніка дзяржавы, мусіць быць парадак — адходы, макулатура, металалом і асабліва пластык павінны збірацца.

У снежні 2018-га Аляксандр Лукашэнка ўжо прапаноўваў паступова адмаўляцца ад выкарыстання пластыкавай тары, бо яна шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Цяпер жа ён акцэнтаваў увагу на шкодзе для здароўя людзей.

"Ужо прасунутыя краіны, якія хварэюць за сваіх грамадзян, адмаўляюцца ад пластыка, — кажа Лукашэнка. — Я нядаўна даручыў прыбраць пластыкавыя бутэлькі і тару на першым этапе і замяніць шклом".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паколькі гэтая сфера прамысловасці развітая, то праблемы не будзе, праект трэба неадкладна рэалізоўваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі