Лукашэнка: мы заняліся дыверсіфікацыяй паставак нафты
Беларусь вядзе перамовы па пастаўках нафты з Казахстана. Пра гэта ў чацвер паведаміў Аляксандр Лукашэнка. Ён сустракаўся ў Мінску з паслом Казахстана Ермухаметам Ертысбаевым. Лукашэнка прапанаваў актывізаваць перамовы.
"Мы зараз заняліся дыверсіфікацыяй паставак вуглевадароднай сыравіны, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Мы... вядзем перамовы па пастаўках нафты ў Беларусь з іншых крыніц".
Беларускі кіраўнік нагадаў, што сёлета будзе скончаная "у асноўным" мадэрнізацыя нафтаперапрацоўчых заводаў. "Таму нам будзе крыху лягчэй купляць з сусветных рынкаў нафту", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў надзею, што перамовы з Казахстанам будуць паспяховыя. Таксама кіраўнік дзяржавы згадаў, што з Расіяй трэба будзе вырашаць пытанне па транзіце. Лукашэнка спадзяецца, што з Масквой удасца дамовіцца. Ён нагадаў паслу Казахстана, што Расія "блізкая нам краіна".