Лукашэнка напісаў у Маскву кіраўніку "Газпрама"
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з 55-годдзем старшыню праўлення "Газпрама" Аляксея Мілера. У віншаванні, адпраўленым у Маскву, кіраўнік Беларусі адзначае "прафесіяналізм, кіраўнічы вопыт, мэтанакіраванасць" Мілера. Ён выказвае перакананне, што гэтыя якасці "ў далейшым будуць садзейнічаць развіццю расійскага газавага комплексу", умацаванню пазіцый "Газпрама" ў Расіі і ў замежжы. Таксама Лукашэнка спадзяецца, што Мілер пасадзейнічае "вырашэнню актуальных пытанняў беларуска-расійскага ўзаемадзеяння ў канструктыўным ключы і на ўзаемавыгаднай аснове", інфармуе газета "СБ. Беларусь сегодня".
Як днямі заявіў расійскі віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч, запазычанасць Беларусі за пастаўкі газу складае ўжо каля 550 мільёнаў долараў. Перамовы працягваюцца з восені мінулага года, але вырашыць спрэчку пакуль не ўдаецца. Масква настойвае на тым, што аплата павінна весціся ў адпаведнасці з падпісаным кантрактам. Аднак у Мінску лічаць, што плаціць трэба "па справядлівым кошце" — каля 70 долараў за тысячу кубаметраў газу замест кантрактных 132 долараў. Расіяне з гэтым не пагаджаюцца. З сярэдзіны 2016-га яны абмежавалі пастаўкі нафты ў нашу краіну.