Лукашэнка не разумее беларуса, які працаваў за капейкі на не зусім чужую выведку

Лукашэнка не разумее беларуса, які працаваў за капейкі на не зусім чужую выведку

Аляксандр Лукашэнка ў пятніцу падчас наведвання Буда-Кашалёўскага раёна пракаментаваў сітуацыю з затрыманнем украінскага шпіёна. Як вядома, 25 кастрычніка ў Беларусі затрымалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку. КДБ Беларусі заявіў, што ён — палкоўнік, кадравы супрацоўнік галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны. Шаройка, нібыта, стварыў агентурную сетку з беларусаў. Аднак вядома пра затрыманне аднаго грамадзяніна Беларусі. Украінскі бок адмаўляе, што Павел Шаройка працаваў у вайсковай выведцы і займаўся выведкай.

Па словах Лукашэнкі, справу затрыманага ўкраінца ён абмяркоўваў у пачатку лістапада ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Парашэнка задаў беларускаму кіраўніку пытанне і ён яму “адказаў фактамі”. “Я яму прызнаўся, што з першага да апошняга дня аперацыі па нейтралізацыі шпіёнскай сеткі быў у курсе, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Такая практыка — старшыня КДБ мне даклаў адразу”.

Кіраўнікі Беларусі і Украіны дамовіліся, што не будуць агучваць гэтую справу. Але, па словах Лукашэнкі, украінскі бок гэтую дамоўленасць парушыў. “Яны паднялі гвалт, усё было выплюхнута ў сродкі масавай інфармацыі, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Што мне заставалася рабіць? Я адмяніў сваё рашэнне і сказаў выкласці сякія-такія факты ў СМІ, каб людзі разумелі, што мы не нагнятаем сітуацыю ў адносінах з Украінай. І мы паказалі. Гэты чалавек прызнаўся, дзе працаваў, як працаваў”. Па словах беларускага кіраўніка, у КДБ ёсць на гэтую тэму дадаткова “куча матэрыялаў”. Ён не разумее, чаму ўкраінцам спатрэбіўся скандал.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што разумее ўкраінца, які працаваў пад прыкрыццём. Але не разумее беларуса, “які за капейкі працаваў на замежную, няхай нават і не зусім чужую, выведку”.

Таксама Лукашэнка заявіў, што ніякага “маскоўскага следу” ў гэтай справе не варта шукаць, бо яго там няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі