Лукашэнка не верыць, што карове нельга загадаць, дзе ёй легчы
Аляксандр Лукашэнка падчас кадравых прызначэнняў і ўзгадненняў згадаў пра сваю нядаўнюю паездку ў Шклоўскі раён. Як вядома, там ён трапіў на "могілкі" сельгастэхнікі і пабачыў "абасраных кароў". Рэакцыя была імгненнай — паздымалі мясцовых кіраўнікоў. Эмацыйная прамова Лукашэнкі ў абарону жывёлаў вельмі шырока разыйшлася ў інтэрнэце.
"Я паглядзеў па слядах гэтых разборак у Магілёве, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі на сённяшнім мерапрыемстве яго прэс-служба. — Некаторыя там пачалі ссоўваць акцэнты. Ледзь Лукашэнка не з той нагі ўстаў, прыйшоў, разборкі зладзіў, разагнаў усіх". Ён з гэтым не згодны. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Магілёўшчына — сярод адстаючых: "ніякага руху наперад".
"Я хачу, каб людзі разумелі, што пытанне не столькі ў тым, што там каровы брудныя, — кажа Лукашэнка. — Гэта проста людзі не ведаюць, што тыя каровы абышліся краіне на вагу золата. Мы іх збіралі па ўсёй краіне, каб укамплектаваць малочнатаварныя комплексы".
Аляксандр Лукашэнка не пагадзіўся з думкай, што так, як на ферме на Шклоўшчыне, кароў утрымліваюць ледзь не па ўсёй краіне. Што гэта звычайная справа. "Тэхналогія ўтрымання агідная, — кажа кіраўнік дзяржавы. — Бачыце, карове не загадаеш, дзе ёй легчы — у гнаявой жыжцы ці ў сухім месцы, дзе свежая салома. Гэта хай распавядуць тым, хто не бачыў кароў ніколі".
Напярэдадні з-за скандалу з каровамі былі знятыя са сваіх пасадаў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.