Лукашэнка: Шэраг уцекачоў з Украіны думаў, што будзем іх насіць на руках
Кіраўнік Беларусі сёння праводзіць прэс-канферэнцыю для расійскіх рэгіянальных СМІ. Мерапрыемства праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску.
Адно з пытанняў было пра ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "прыязджаюць розныя людзі, у асноўным нармальныя, пацярпелыя. Іншыя прыязджаюць і лічаць: Мы прыехалі, насіце на руках. У Мінску нам бы кватэру, мы будзем сядзець, а вы нам выплачвайце дапамогі".
Гэтым людзям у Беларусі тлумачаць, што ім прадастаўляюцца ўмовы для таго, каб працаваць, "а не ствараць умовы, якія ставяць іх у выключнае становішча", што можа выклікаць незадавальненне насельніцтва. "Гэта было ў Расіі і мы гэта адсочвалі", — сказаў Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі адзначыў, што свабодных працоўных месцаў у нашай краіне мала. Аднак украінцам дапамагаюць працаўладкавацца. "Закрыем вочы, няхай будзе канкурэнцыя... Нармальна працуюць, не горш за нашых, няхай працуюць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Фота — ria.ru