Лукашэнка: ніводзін расійскі вайсковец не прыязджае ў Беларусь без майго дазволу
Усе расійскія вайскоўцы знаходзяцца ў Беларусі з дазволу Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву Франс Прэс.
Французскі журналіст запытаўся, ці дазваляе прысутнасць расійскіх вайўскоўцаў праводзіць Беларусі суверэнную і незалежную палітыку. Адказ Лукашэнкі выглядаў як славутая формула "А ў вас неграў лінчуюць".
"На тэрыторыі Еўропы столькі вайскоўцаў іншых краін (у тым ліку і ў Францыі яны ёсць), што вам нават пытанне няма чаго мне задаваць. У вас іх дзясяткі тысяч", — перадае ягоныя словы БЕЛТА.
Далей Лукашэнка заявіў, што ўсе расійскія вайскоўцы прыязджаюць у Беларусь з ягонай згоды. "Заўсёды яны былі настолькі, наколькі гэта трэба было нам. У тым ліку і мне, паколькі я іх запрашаў. Ніводзін расійскі вайсковец сюды не прыехаў без майго запрашэння або дазволу. Таму ўсе яны знаходзяцца з маёй згоды. Гэта функцыя прэзідэнта. Ніводзін вайсковец (разведчык, контрразведчык і іншыя) не могуць тут быць без майго ведама", — узяў ён на сябе адказнасць.
У лютым-сакавіку 2022-га расійскія вайскоўцы атакавалі Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.