Лукашэнка падпісаў указ аб карэкціроўцы генплана Мінска
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб карэкціроўцы генплана Мінска з прылеглымі тэрыторыямі. Ён разлічаны да 2030 года. У новай рэдакцыі прадугледжваецца стабілізацыя колькасці насельніцтва і аптымізацыя аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва.
Будаўніцтва сацыяльна запатрабаванага жылля будзе працягвацца на свабодных тэрыторыях. Плануецца, што комплексы жылой забудовы створаць на вызваленых вытворчых тэрыторыях, а таксама на тэрыторыях зносу сядзібнай і малапавярховай забудовы ("з вялікім фізічным і маральным зносам"), інфармуе БелаПАН.
Запланаванае будаўніцтва новых гарадскіх і раённых паркаў на плошчы больш за 2 тысячы гектараў. У склад прыродна-ландшафтнага комплексу сталіцы будзе ўключана каля 2 тысяч гектараў лесапаркавых тэрыторый з паўднёва-ўсходняга боку Мінскага мора. Гэта павінна даць "магчымасць кампенсаваць дэфіцыт азялененых тэрыторый для жыхароў перыферыйных раёнаў горада".
Новая рэдакцыя генеральнага плана прадугледжвае, што прыярытэтнае развіццё атрымаюць рэйкавыя віды пасажырскага транспарту: метро, трамвай і чыгуначны транспарт.
Як паведамляла Еўрарадыё, генплан Мінска з удзелам Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўваўся 2 верасня. Кіраўнік дзяржавы заклікаў прысутных пакінуць пасля сябе "прыгожы і годны горад".