Лукашэнка памілаваў 14 палітвязняў — старшыня Вярхоўнага суда
Зняволенне, ілюстрацыйнае фота
Аляксандр Лукашэнка памілаваў 14 палітвязняў і можа вызваліць яшчэ некалькі. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" увечары 21 ліпеня заявіў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.
Ён падкрэсліў, што ў законе Аб амністыі нічога не гаворыцца пра людзей, асуджаных за ўдзел у пратэстах 2020 года, але Лукашэнка, маўляў, можа іх памілаваць.
"14 было чалавек [памілавана]. Вось я думаю, рыхтуецца яшчэ некаторы працяг па памілаванні. Але гэта прымае рашэнне кіраўнік дзяржавы. Строга індывідуальна. Калі яны не здзейснілі ніякіх небяспечных дзеянняў у адносінах да правапрымяняльнікаў", — заявіў Сукала.
Раней праваабаронцы казалі пра мінімум 18 палітвязняў, якія выйшлі на волю 3 ліпеня. Гэта чатыры жанчыны і 14 мужчын. Іх імёны не разгалошваюцца. Вядома толькі, што на волю выйшаў анкахворы Рыгор Кастусёў, асуджаны на 10 гадоў калоніі. Частка людзей выйшла на волю па амністыі, частка — па памілаванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.