Некаторыя палітзняволеныя адмовіліся выходзіць на волю па амністыі
Паводле звестак на 8 ліпеня ў Беларусі застаюцца 1423 палітзняволеныя, ілюстрацыйнае фота
Некаторыя палітзняволеныя адмовіліся выходзіць на волю 3 ліпеня, яны не пагадзіліся з умовамі вызвалення. Пра гэта стала вядома праваабаронцам.
Адмова можа быць звязаная з неабходнасцю пісаць прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі, мяркуюць праваабаронцы. Гэта прадугледжваецца працэдурай амністыі. Замест "адмоўнікаў" была прапанова вызваліць іншых палітзняволеных. Таксама стала вядома, што часам працэдура вызвалення праходзіла вельмі хутка — некаторым зняволеным нават не дазволілі забраць свае рэчы.
На цяперашні момант праваабаронцам вядома пра 18 палітзняволеных, якія выйшлі на волю 3 ліпеня. Сярод іх 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку палітык Рыгор Кастусёў, які пакутуе на анкалогію. Ён быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле звестак на 8 ліпеня, у Беларусі застаюцца 1423 палітзняволеных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.