Лукашэнка папярэдзіў памежнікаў пра будучую праверку (відэа)
Нагадаем, што нядаўна праверка прайшла ва Узброеных сілах.
Папярэджанне прагучала ў панядзелак на пасяджэнні пашыранай калегіі Памежнага камітэта, перадае interfax.by.
"Недзе позняй вясной ці летам мы вельмі сур'ёзна праверым і памежныя войскі, тое, як ахоўваецца дзяржаўная мяжа. Ужо сёння трэба паглядзець на адпаведны план, як мы рабілі па Узброеных сілах. Праверым па ўсіх напрамках", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Асобныя даручэнні кіраўнік дзяржавы даў наконт распрацоўкі канкрэтных мер, якія умацуюць аўтарытэт краіны ў якасці гаранта стабільнасці і бяспекі на агульных межах з краінамі Еўрасаюза: "На гэтым напрамку мы павінны правесці шэраг мерапрыемстваў. Яны павінны бачыць, што мы змагаемся і з мігрантамі, і з кантрабандай, адлоўліваем радыеактыўныя рэчывы. Трэба дэманстраваць сваю значнасць. У нас ёсць прафесіяналы, школа, кадры. Давайце грошы, тэхнічныя сродкі — будзем працаваць разам. І шануйце нас як сваіх партнёраў".
Акрамя таго кіраўнік Беларусі заявіў пра неабходнасць аптымізаваць сілы і сродкі, якія выкарыстоўваюць памежнікі: "Якія б ні былі беспілотнікі, ніхто памежніка на гэтым апошнім метры зямлі не заменіць. Можа, я занадта кансерватыўны, але мне здаецца, што без яго мяжа закрытая не будзе. Усё астатняе — гэта як дапаможныя сродкі, і трэба паглядзець, ці патрэбныя нам яны".
Фота — ctv.by