Лукашэнка папярэдзіў сілавікоў, каб у выбарчую кампанію не хапалі людзей
Не трэба "дурных, бесталковых, непатрэбных ініцыятываў", сказаў кіраўнік дзяржавы на нарадзе, якая прайшла ў аўторак у Мінску.
У аўторак, 23 чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную "актуальным унутрыпалітычным пытанням". Яна была прысвечаная найперш будучым прэзідэнцкім выбарам.
Лукашэнка выказаў меркаванне, што Палата прадстаўнікоў падтрымае прапанову ЦВК і прызначыць выбары на 11 кастрычніка. Ён паабяцаў не друкаваць перад выбарамі грошы і не павышаць цэнаў, паколькі няма магчымасці павысіць заробкі.
Таксама гаворка ішла пра забяспячэнне парадку і спакою ў краіне падчас выбарчай кампаніі. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дысцыпліны, максімальнай каардынацыі дзеянняў з боку вертыкалі ўлады і сілавых структур.
"Але пры гэтым хачу папярэдзіць: без усялякіх празмернасцяў, без усялякіх дурных, бесталковых, непатрэбных ініцыятываў, накшталт таго, што не туды пайшоў, не там стаў, хапаць, цягнуць і гэтак далей, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Працуйце на апярэджанне, растлумачвайце, прасіце... Але тры месяцы, няшчасныя тры месяцы мы павінны пражыць годна, каб ніхто нас не мог папракнуць... Мы не павінны дапусціць пры гэтым ні найменшай дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне!".
Кіраўнік дзяржавы заклікаў чыноўнікаў і сілавікоў пазбягаць самазаспакоенасці, нібыта, з гэтымі выбарамі ўжо "ўсё зразумела".
Фота: ria.ru