Лукашэнка паскардзіўся Юшчанку на кантрабанду зброі з Украіны праз Расію

Фота: president.gov.by
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 8 кастрычніка сустрэўся з экс-прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам. Размова зайшла пра кантрабанду зброі з Украіны.

"Па падзеях ва Украіне вы маю пазіцыю ведаеце. Мы ні ў якім разе не хочам умешвацца ў падзеі ва Украіне. Груба кажучы, гэта не нашая справа, калі нас не просяць. Хоць, шчыра скажу, мы пра гэта пагаворым — уплыў падзей ва Украіне на нас вельмі вялікі. Асабліва ў плане, што нас турбуе, — прыток зброі праз украінскую мяжу. Вельмі шмат мы канфіскоўваем зброі", — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго словаў, ускрываюцца факты, калі зброя ідзе ў Беларусь з Украіны праз Расію: "Калі крымінальныя справы расследуюцца, мы таксама такія факты фіксуем. І я прэзідэнту Расіі пра гэта казаў. Вось гэта нас больш за ўсё турбуе".

Што адказаў на гэта Віктар Юшчанка, прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі не паведамляе.

"Але магло б быць нашмат горш, — працягнуў кіраўнік Беларусі. — І калі ўжо шчыра казаць, няма такой азлобленасці ў дачыненні да беларусаў з боку ўкраінцаў. Няма гэтага сутыкнення народнай думкі і народаў. Вось гэта самае галоўнае. Гэта абнадзейвае. Гэта аснова нашых добрых адносін. Праблем шмат, і я гатовы абмеркаваць гэтыя праблемы".

24 верасня Аляксандр Лукашэнка загадаў умацаваць паўднёвую мяжу Беларусі, абгрунтоўваючы гэта тым, што праз яе нелегальна вязуць шмат зброі з Украіны. Як прыклад ён згадаў затрыманне начальніка ЦЭЦ цукровага завода ў Гарадзеі, у якога знайшлі цэлы арсенал: пісталеты, аўтаматы, гранаты і нават кулямёт.

Старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Пётр Цыгікал паспяшаўся абвергнуць гэтыя словы. Маўляў, ніякіх фактаў кантрабанды зброі з Украіны ў Беларусь няма.

"Мы штомесяц абменьваемся справаздачамі з беларусамі. Была і размова першага намесніка ведамства Васіля Сервацюка з першым намеснікам Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, у якой той запэўніў, што ніякіх фактаў адносна перамяшчэння зброі ў іх няма. І затрыманне, якое адбылося ў Гомельскай вобласці на кватэры ў беларуса, дзе знайшлі зброю, ніякага дачынення да мяжы не мае", —  канкрэтызаваў Цыгікал.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі