Лукашэнка паведаміў, што Беларусь гатовая да дыялогу з NATO (відэа)

Наведваючы 19 лютага Міністэрства абароны, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь адкрытая да канструктыўнага дыялогу з NATO на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці.

"Вядома, мы хацелі б і надалей абапірацца на моц братняй Расіі пры натуральным уліку нашых інтарэсаў у сферы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы. Таксама ён адзначыў, што супрацоўніцтва ў межах АДКБ разглядаецца гарантыяй бяспекі краіны і забеспячэння стабільнасці на Еўразійскім кантыненце.

Разам з тым, па словах Лукашэнкі, Беларусь не адмаўляецца ад супрацы з іншымі краінамі і ваенна-палітычнымі арганізацыямі.

"Як суверэнная дзяржава мы адкрытыя у тым ліку да канструктыўнага дыялогу з NATO на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці. У нас ёсць шмат агульных пытанняў, сумесная праца над якімі ў поўнай меры адпавядае інтарэсам Беларусі", — паведаміў ён.

Нагадаем, што ад пачатку 1990-х гадоў Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай праграмы NATO "Партнёрства дзеля міру".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі