Лукашэнка павіншаваў з Новым годам Парашэнку, Пуціна, Асада, Трампа
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў шэраг замежных лідараў з Новым годам, паведамляе ягоная прэс-служба. Таксама віншаванні накіраваныя кіраўнікам міжнародных і рэгіянальных арганізацый, заўважным палітычным, грамадскім і рэлігійным дзеячам, прадстаўнікам навукі, культуры і дзелавых колаў краін блізкага і далёкага замежжа.
У віншаванні Уладзіміру Пуціну беларускі кіраўнік нагадаў, што ў 2019-м споўніцца 20 гадоў з дня падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Па словах Лукашэнкі, "сёння з упэўненасцю можна казаць аб тым, што саюз двух народаў адбыўся".
Пра ўзаемнае партнёрства і пашырэнне сувязяў кіраўнік Беларусі напісаў у навагодніх віншаваннях кіраўнікам Азербайджана — Ільхаму Аліеву, Казахстана — Нурсултану Назарбаеву, Малдовы — Ігару Дадону, Таджыкістана — Эмамалі Рахмону, Узбекістана — Шаўкату Мірзіёеву, Кыргызстана — Сааранбаю Жээнбекаву. У віншаванні кіраўніку Сірыі Башару Асаду Лукашэнка выказаў пажаданні міру: "Шчыра перакананы, што ў наступным годзе на ўсёй сірыйскай зямлі запануюць мір і спакой, а сірыйскія дзеці ніколі не будуць ведаць вайны".
Таксама беларускі кіраўнік павіншаваў прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку, прэзідэнта Арменіі Армена Саркісяна і прэм'ер-міністра Нікола Пашыняна, прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава, федэральнага прэзідэнта Аўстрыі Аляксандра Ван дэр Бэла і федэральнага канцлера Себасцьяна Курца, прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду, прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана, федэральнага прэзідэнта Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера і федэральнага канцлера Ангелу Меркель, прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуру, прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, першага сакратара ЦК Кампартыі Кубы Рауля Кастра Руса, а таксама старшыню Дзяржаўнага савета і Савета міністраў гэтай краіны Мігеля Дыяс-Канеля Бермудэса.