Лукашэнка — пра Ціханоўскага: шалудзівы, які ходзіць і крычыць па Мінску

Лукашэнка — пра Ціханоўскага: шалудзівы, які ходзіць і крычыць па Мінску

Падчас паездкі на Мінскі трактарны завод Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра сваіх канкурэнтаў на прэзідэнцкіх выбарах. 

Лукашэнка прызнаўся, што ведае з прэтэндэнтаў толькі Валерыя Цэпкалу, які быў яго памочнікам. І прыгразіў былому чыноўніку кампраматам. "Ён, праўда, хітруе. Не кажа, чаму яго прэзідэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытайце — чаму я яго звольніў. Няхай шчыра раскажа. І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён шчыра не скажа. Трэба — скажам, але мы не хочам займацца гэтым кампраматам", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.

Найбольшае яго абурэнне выклікаў блогер Сяргей Ціханоўскі, які з'яўляецца кіраўніком ініцыятыўнай групы сваёй жонкі Святланы

Лукашэнка згадаў эпізод, калі Ціханоўскі заступіўся за ўдзельніка пікету, якога хацеў аштрафаваць міліцыянт. "Нядаўна мне прэс-сакратар далажыла: міліцыянта абразіў, калі яму зрабіў заўвагу. Яны прыязджаюць крутыя, на джыпах усе — па 10-12 машын. У чужы горад прыехалі, сталі і пайшлі па плошчах, вуліцах", — пераказаў кіраўнік Беларусі гэты эпізод. І прыгразіў, што міліцыя заступаецца за сваю карапарацыю: "Мне ўжо нялёгка прыходзіцца, стрымліваючы іх. Нарываюцца. Правакацыя — гэта найлепшая рэклама. Яны гэта разумеюць".

Пасля гэтага ён пераключыўся на расійскае выданне "Коммерсант", якое напісала пра Ціханоўскага. "Нібыта бярэ інтэрв'ю ў аднаго шалудзівага, інакш не назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Мінску больш, ды і ў іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх машынах ён ездзіць, хто яго фінансуе. Мы ведаем, адкуль ён прыехаў, якое ў яго грамадзянства і іншае... Мы ўсё гэта ведаем", — перайшоў на абразы Лукашэнка.

Дарэчы, апошні раз пра шалудзівых людзей ён выказваўся ўлетку 2011 года, калі ў Мінску праходзілі маўклівыя акцыі: "Гэтая ўся шалудзівая маса невялікая, якая топчацца на плошчах. Не то мыкае. не то топае, не то крычыць. Яны хочуць скарыстацца момантам".

Гаворачы пра Ціханоўскага, кіраўнік Беларусі адзначыў, што той агітуе за сваю жонку: "Ён нават не кандыдат у прэзідэнты, за жонку там радзее. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі"

На думку Лукашэнкі, прэзідэнтам Беларусі жанчына быць не можа. У якасці доказу ён звярнуўся да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і сказаў, што яна гатовы прэзідэнт, але за яе не прагаласалі б людзі. "У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай", — патлумачыў ён. 

Праўда, жанчын, якія вылучаюцца на прэзідэнцкую пасаду, кіраўнік дзяржавы пахваліў: "Яны ціха, спакойна збіраюць гэтыя подпісы. Нядаўна пацікавіўся — гэтыя жанчыны сабралі больш подпісаў, чым усе мужыкі, якія ў інтэрнэце піярацца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі