Лукашэнка — пра ўмовы працы: Катаржныя людзі працуюць за 200 долараў у месяц!
Аляксандру Лукашэнку вельмі не спадабаліся ўмовы, у якіх працуюць рабочыя Аршанскага інструментальнага завода.
Кіраўнік дзяржавы, як перадае яго прэс-служба, раскрытыкаваў, што ўсё робіцца павольна, не датрымліваючыся вызначаных тэрмінаў. Пры гэтым маёмасць прадпрыемства і вытворчыя памяшканні выкарыстоўваюцца не па-гаспадарску. Большая частка будынкаў — у непрывабным выглядзе, месцамі працякае дах.
"Хіба гэта працоўныя месцы?! Вязніца нейкая! Катаржныя людзі працуюць за 200 долараў у месяц!" — так кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў умовы працы рабочых.
Ён запатрабаваў у сціслыя тэрміны навесці парадак як унутры нявыкарыстаных цэхаў, так і на тэрыторыі завода, адрамантаваць дах.