Лукашэнка прапанаваў міністру будаўніцтва стаць дыктатарам
Таксама кіраўнік Беларусі заклікае людзей не скардзіцца на будаўнікоў да 1 ліпеня 2014 года.
З такім зваротам ён выступіў 10 снежня на нарадзе па праблемах будаўнічай галіны і ўдасканаленні працы з кіраўнічымі кадрамі. "Вельмі вас прашу як прэзідэнт: не пішыце пакуль да 1 ліпеня 2014 года скаргі ў розныя інстанцыі на будаўнікоў. Патрывайце паўгода. Паспрабуйце вырашыць гэтыя пытанні з тымі, хто вам павінен", — цытуе БелаПАН словы Лукашэнкі.
"Але з 1 ліпеня 2014 года па праблемных аб'ектах вы наўпрост паінфармуйце мяне праз Адміністрацыю прэзідэнта. І я абяцаю, што ніводзін чалавек не сыдзе ад адказнасці! Такіх аб'ектаў, па якіх людзі сёння прад'яўляюць прэтэнзіі, — 88. Патрывайце", — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, Лукашэнка заклікаў міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага стаць "дыктатарам" у будаўнічай сферы: "З 1 студзеня павінна наступіць дыктатура ў сферы будаўніцтва. Вы — дыктатар, тэхналогія — дыктатар, тэрміны і якасць — дыктатар. Не чакайце больш ніякіх распараджэнняў. Смешна казаць: мы не маем паўнамоцтваў. І не трэба. Калі хтосьці не робіць так, як вы патрабуеце, дайце яму пісьмовае прадпісанне. Вы ні з кім не пасварыцеся, пракурор потым дасць ход усім матэрыялам".
Фота — ria.ru