Лукашэнка прасіў Пуціна "пра некаторыя тыпы ўзбраенняў"
Аляксандр Лукашэнка прасіў Уладзіміра Пуціна "пра некаторыя тыпы ўзбраенняў". Пра гэта ён расказаў у сераду падчас сустрэчы з расійскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу. Лукашэнка мог агучыць просьбу падчас нядаўняй сустрэчы ў Сочы. Але прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што пра гэта гаворкі не было.
"Сказаў яму, што, калі вы прыедзеце, мы паглядзім, што нам і дзе трэба рэальна ўмацаваць у плане саюзнай дзяржавы, — гаварыў беларускі кіраўнік міністру абароны РФ. — Баяцца няма чаго, мы гатовыя на гэта ісці".
Якую менавіта зброю прасіў Аляксандр Лукашэнка, невядома.
"Апошнія падзеі паказваюць, што трэба смялей абараняць інтарэсы і беларусаў, і расіян, — гаварыў Лукашэнка Шайгу. — Так здарылася, што мы ў гэтым плане засталіся адны, але не самыя слабыя".
Кіраўнік дзяржавы запэўніў расійскага міністра, што наша краіна ў стане ўтрымаць сітуацыю "не толькі ў Беларусі, але і па перыметры нашых межаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.