Лукашэнка: "Просяць жа расіяне, латышы гэтыя маскі. Чаму не прадаць?"
Пасля насычэння нацыянальнага рынку ахоўныя маскі з Беларусі трэба пастаўляць на экспарт. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас наведвання прадпрыемства "Славянка" ў Бабруйску.
На думку Лукашэнкі, унутраны попыт на ахоўныя маскі ўжо амаль цалкам задаволены. "Мы практычна, калі меркаваць па Магілёўшчыне, насыцілі маскамі рынак. Ужо няма той вастрыні. Але давайце гаварыць шчыра. За межамі попыт вялікі? Трэба рэалізоўваць. І мы кампенсуем тыя выдаткі, якія панеслі, закупляючы маскі па ўсім свеце", — перадае БЕЛТА яго словы.
Кіраўнік Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц паведаміў. што ў вобласці штодня расходуецца 20 тысяч ахоўных масак, а шыюць — каля 470 тысяч. У адказ Лукашэнка прапанаваў наладзіць экспартныя пастаўкі ў краіны, дзе ёсць попыт: "Просяць жа расіяне, латышы гэтыя маскі. Чаму не прадаць? Трэба дапамагчы людзям. Усе прадаюць маскі. Гэта істотны тавар. Паглядзіце на Кітайскую Народную Рэспубліку. Я думаю, яны ўжо мільярд масак прадалі. Таму трэба вырабляць і прадаваць".
Кіраўніку дзяржавы паведамілі, што ў Беларусі за суткі шыюць больш за 2 мільёны масак. Іх вытворчасцю займаюцца як буйныя прадпрыемствы, так і малы бізнес, адукацыйныя ды сацыяльныя ўстановы. Пасля гэтага Лукашэнка прыгразіў зачыніць аптэкі, у якіх няма масак альбо кошты на іх завышаныя.
Аднак пасля гэтага ён заявіў, што празмерныя запасы масак ствараць не трэба. І ўвогуле не варта забывацца на традыцыйную прадукцыю. "Цяпер мы маскі будзем шыць, а заўтра па імпарце завозіць кашулі? Гэта не справа. Трэба гнутка сябе паводзіць", — сказаў беларускі кіраўнік.
Пра тое, што масак у Беларусі больш, чым трэба, Лукашэнка гаварыў ужо месяц таму, 16 сакавіка. Тады ён прапаноўваў наладзіць экспарт масак у Германію. Пасля гэтага беларусы высветлілі, што масак у краіне катастрафічна не хапае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.