Лукашэнка расказаў, на што хварэў
Хворы Лукашэнка на парадзе ў Маскве / kremlin.ru
На нарадзе 23 траўня Аляксандр Лукашэнка расказаў, на якую хваробу ён хварэў апошнім часам. Ён заявіў, што гэта быў адэнавірус, які лечыцца за тры дні.
"Адэнавірус ці што там было? Адэнавірус. Нічога. Каранік усміхаецца: лечыцца тры дні. Але паколькі ў мяне не было магчымасці лячыцца (то ў Маскву трэба, то суботнікі, то ў Гродне, потым Гомель), усё гэта назапасілася", — кажа ён на відэазапісе, які апублікаваў тг-канал "Пул першага".
Чуткі пра сваю хваробу і блізкую смерць ён назваў "не больш, чым пустымі развагамі ў месенджарах і тэлеграм-каналах". Таксама Лукашэнка заявіў: "Вы яшчэ мучыцца са мной будзеце вельмі доўга".
Чуткі пра хваробу Лукашэнкі пайшлі пасля 9 траўня. На парадзе ў Маскве ён выглядаў нездаровым і вельмі стомленым. У той жа дзень падчас ускладання кветак у Мінску Лукашэнка не стаў выступаць з прамовай.
Пасля гэтага некалькі дзён ён не з'яўляўся ў СМІ, афіцыйных паведамленняў пра яго стан не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.