Лукашэнка расказаў, якія інвестыцыі Беларусі не патрэбныя
Падчас паездкі ў Гродна Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб прыярытэтах Беларусі ў прыцягненні інвестыцый.
Ён добрым словам згадаў савецкія часы з планавай эканомікай. "Вы памятаеце, там выразна былі распісаныя аб'екты, якія будуць уведзены ў строй. І жалезабетонна вылучаліся грашовыя сродкі пад гэтыя аб'екты. Добрыя інвестыцыі — гэта багацце людзей і рэгіёну. Трэба вызначыцца з асноўнымі аб'ектамі, якія мы пабудуем у будучай пяцігодцы", — прыводзіць БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.
Пры гэтым ён дадаў, што Беларусі не патрэбныя інвестыцыі дзеля інвестыцыяў. Маўляў, гадоў 10-15 таму дзяржава пагаджалася на любыя інвестыцыі, бо гэта дапамагала ствараць працоўныя месцы. "Нам такія інвестыцыі сёння не патрэбныя. Мы не будзем будаваць тут прадпрыемствы толькі дзеля таго, каб заняць людзей. Так, патрэбныя працоўныя месцы, але той вастрыні няма", — патлумачыў Лукашэнка.
Беларускі кіраўнік згадаў, што Беларусь за гады незалежнасці рэалізавала шмат інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, мільярдныя крэдыты даваў Кітай, прычым яны не цалкам выбраныя.
"Я ніколі не пагаджуся на тое, каб камусьці аддаць грошы, а ён падумае, што будаваць. Нам трэба будаваць тое, што трэба", — заявіў кіраўнік Беларусі. А патрэбным ён назваў прадукцыю, якая будзе прыносіць прыбытак і прадавацца на міжнародных рынках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.