Лукашэнка распавёў студэнтам, якая ў беларусаў нацыянальная ідэя (відэа)
У чацвер кіраўнік дзяржавы наведвае Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова.
Выступаючы перад студэнтамі, Аляксандр Лукашэнка спыніўся на многіх тэмах, якія датычаць будучыні Беларусі. Ён лічыць, што, нягледзячы на глабалізацыю, будучыня за суверэннымі дзяржавамі і асобнымі нацыямі.
"Свая незалежная дзяржава дае нам свабоду — тое, да чаго па прыродзе сваёй імкнецца кожны чалавек і кожная нацыя, свабоду жыць на сваёй зямлі, якую падараваў Бог, свабоду самім выбіраць свой шлях, свабоду шанаваць свае традыцыі, сваё мінулае, распараджацца сваім сённяшнім днём, будаваць сваю будучыню", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на працягу стагоддзяў, існуючы паміж Усходам і Захадам, Беларусь здабыла "ўнікальны духоўны досвед". "Нашая нацыянальная ідэя — гэта мір, згода, узаемадапамога ў нашай вялікай агульнай сям'і, імя якой — беларускі народ. Гэта звычка жыць сваёй працай на сваёй зямлі. Гэта добрыя адносіны да ўсіх, хто жыве побач з намі і хто прыходзіць да нас з мірам".