Лукашэнка распавёў, як размаўляў з Пуціным пра пераўзбраенне беларускага войска
Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй нарадзе, прысвечанай праблемам і перспектывам беларускай навукі, распавёў пра сваё жаданне пераўзброіць беларускае войска за кошт Расіі ці “за малую цану”. Ён размаўляў на гэтую тэму ў Санкт-Пецярбургу з Уладзімірам Пуціным. Па словах Лукашэнкі, у Беларусі няма грошай на пераўзбраенне войска: “у нас няма нафты і газу”.
“Мы дамовіліся ў Савеце бяспекі Беларусі, што нам патрэбна, якія віды ўзбраенняў і яму [прэзідэнту Расіі] пра гэта сказаў, — распавядае Лукашэнка. — А ён адразу падскочыў і кажа: “А ты ведаеш, колькі гэта каштуе?” Ведаю, пра самалёты Су-30-я, ну мільёнаў 20-25 [долараў]. “Так. Але трэба лічыць, дзе іх узяць”. Ладна, палову я заплачу. Таму што яны нам патрэбны цяпер, нават цяпер. Таму што старыя мадэлі выходзяць з эксплуатацыі, таму нам патрэбны больш сучасныя”.