Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў выступ "Дынама-Мінск" у КХЛ
Аляксандр Лукашэнка абрынуўся з жорсткай крытыкай на гульню хакеістаў "Дынама-Мінск" ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Асабліва яму не спадабалася гульня мінскіх дынамаўцаў з аднаклубнікамі з Рыгі.
Гаворка пра гэта пайшла падчас сустрэчы кіраўніка Беларусі з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, які з'яўляецца старшынёй назіральнага савета ХК "Дынама-Мінск", паведамляе БЕЛТА.
На думку Лукашэнкі, каманда з Рыгі апынулася ў гульні мацнейшая за мінчукоў, хаця па многіх паказчыках латышскі клуб саступае "зубрам".
"Калі б спартсмены ў "Дынама" (Рыга) атрымлівалі такія заробкі, як нашы, у іх на парадак быў бы вышэйшы клуб. А вы як быццам не збіраецеся ў плэй-оф гуляць. Не забывайце, што 15 тысяч сядзіць на стадыёне і мільёны вас глядзяць, у тым ліку і я. Сорамна было глядзець. Каманда гуляе няроўна, вы прайграеце тады, калі нельга прайграваць. Тое, што вы зараз страціце, потым крывёю трэба здабываць, каб выйсці ў плэй-оф і там годна выступіць. Вы ж не для мяне гуляеце, а для людзей, для народа", — абурыўся кіраўнік дзяржавы.
Нагадаем, гульня мінскага і рыжскага "Дынама" прайшла 19 студзеня. Яна скончылася паразай "зуброў" з лікам 1:3.