Лукашэнка — спецпрадстаўніку ЕС: У нас ёсць сваё разуменне правоў чалавека

Лукашэнка — спецпрадстаўніку ЕС: У нас ёсць сваё разуменне правоў чалавека

Беларусь выступае за пастаянны дыялог з Еўрасаюзам у сферы правоў чалавека. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 сакавіка на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком ЕС па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам.

Кіраўнік Беларусі выказаў задавальненне тым, што абодва бакі адышлі ад лабавога супрацьстаяньня. Лукашэнка выказаў надзею, што закончыўся перыяд, калі ЕС і Беларусь выбудавалі паміж сабой сцяну і спрабавалі праз яе нават не размаўляць, а абменьвацца фразамі. "Мы вітаем тое, што Еўропа цяпер ўбачыла Беларусь, ацаніла яе, і мы можам наладжваць нармальнае гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае супрацоўніцтва", — заявіў кіраўнік дзяржавы. На думку Лукашэнкі, зрухі ў эканоміцы пацягнуць за сабой і змены ў гуманітарнай сферы.

Разам з тым, беларускі кіраўнік зазначыў, што ў Беларусі ўяўленне аб правах чалавека можа адрознівацца ад еўрапейскага.

Лукашэнка: "Я не крытыкую Еўропу за тое, як яна разумее правы чалавека. Еўрапейскі саюз — гэта дарослая арганізацыя, там разумныя людзі. Яны ўмеюць фармуляваць тое, чаго яны хочуць. Але ў нас ёсць нейкае свае разуменне гуманітарных праблем. У тым ліку, праблем правоў чалавека".

Як перадае прэс-служба беларускага кіраўніка, Стаўрас Ламбрынідзіс запэўніў Лукашэнку, што ў ЕС, як і ў Беларусі, не разглядаюць тэму правоў чалавека асобна ад эканамічных пытанняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі