Лукашэнка: ствараецца ваенная групоўка NATO для захопу Заходняй Беларусі
Ствараецца ваенная групоўка NATO для захопу Заходняй Беларусі! Такую сенсацыйную заяву Аляксандр Лукашэнка зрабіў падчас сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая праходзіла ў анлайн-фармаце. Сярод іншых яго ўважліва слухаў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.
"Каляровыя рэвалюцыі, якія разгарнуліся ў шэрагу дзяржаў, гэта ніякія не каляровыя рэвалюцыі, мы бачым па Беларусі, гэта звычайны мяцеж! — гаварыў Лукашэнка. — Рэвалюцыі — гэта калі ёсць аснова для рэвалюцыі (мы ўсе з вамі вывучалі), калі нізы не хочуць і вярхі не могуць, і гэтак далей, і калі ёсць рэвалюцыянеры".
Далей ён заявіў, што "ніякіх рэвалюцыянераў ні ў нас, ні ў вас сёння няма". "Усе так званыя рэвалюцыянеры хочуць жыць добра і пажадана за чужы рахунак, — працягваў беларускі кіраўнік. — І калі з імі пачынаеш размаўляць на іх мове, яны хутка ператвараюцца з так званых рэвалюцыянераў у беглых палітычных".
Далей Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што нібыта ў Варшаве адкрыта заяўляюць пра "гістарычную прыналежнасць беларускіх земляў Польшчы". "Гэта абсалютна цяпер дакладна стала нам вядома, справа ў стварэнні ваеннай групоўкі NATO для захопу гэтых земляў", — проста сенсацыйная заява. Па словах Лукашэнкі, іх мэта — "стварэнне санітарнага пояса паміж Еўрасаюзам і Расіяй".
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што падзеі ў Беларусі — "гэта трамплін для ціску на Расійскую Федэрацыю". Ён заклікаў краіны АДКБ працаваць разам "супраць знешніх пагроз".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.