Лукашэнка: У мяне ёсць італьянскі ровар, падымаю яго пальцам (відэа)
Кіраўнік Беларусі падчас наведвання прадпрыемства "Мотавела" распавёў пра тое, чым адрозніваецца беларускі ровар ад італьянскага.
"Чаму я бяру з пяцёркі гэтых ровараў, якія ў мяне ёсць, я бяру італьянскі ровар, а не твой? — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі тэлеканал СТВ. — Чаму? Бяру, мезенцам падымаю яго, ён паўтара-два кілаграма вагой. Чаму я твой не бяру? [Лукашэнка звяртаецца да дырэктара беларускага прадпрыемства] Твой у мяне вісіць, акуратна пад дахам падвешаны — я яго дзвюма рукамі, здаровы мужык і дзвюма рукамі здымаю. Калі ты зробіш ровар нармальны?" — заявіў Лукашэнка Аляксандру Мураўёву, кіраўніку “Мотавела”.
Еўрарадыё пацікавілася ў некалькіх сталічных крамах, ці проста набыць у Беларусі італьянскі ровар і колькі ён каштуе. Аднак прадаўцы толькі развялі рукамі. Маўляў, шукайце у інтэрнэце, мы прадаём звычайныя ровары, нават марак італьянскіх вам назваць не можам.
Пошукі ў інтэрнэце выводзяць адразу на некалькі марак ровараў, зробленых у Італіі: Bianchi, Colnago, Ducati і іншыя. Калі верыць кіраўніку краіны пра двухкілаграмовую вагу ягонага ровара, то ездзіць Лукашэнка на шашэйным (звычайныя горныя і гібрыдныя маюць значна большую вагу. — заўв. Еўрарадыё). Сярэдні кошт такога італьянскага “барахла” прыкладна роўны кошту старой іншамаркі. Напрыклад, Colnago CLX 3.0 Shimano 105 абыдзецца прыкладна ў 3500 долараў, а Colnago CLX 3.0 Shimano Ultegra 10s — у 4000. Высокімі кошты такіх ровараў робіць матэрыял рамы — карбон. Беларускія шашэйныя “Аисты” робяць пераважна з алюмінія.