Лукашэнка выявіў у Беларусі харчовую дыверсію
Аляксандр Лукашэнка на ферме / president.gov.by
Кіраўнікі шэрагу гаспадарак "завалілі" падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі, у асобных арганізацыях нават не пачыналі рамантаваць тэхніку. І мясцовыя ўлады на гэта ніяк не адрэагавалі. Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра "харчовую дыверсію".
"Фактычна кожны дзясяты камбайн не гатовы да працы. Няма механізатараў, кажуць. Як няма? Бо мы яшчэ летась восенню дамовіліся", — казаў Лукашэнка ў аўторак на нарадзе, прысвечанай ходу ўборачнай. Яго словы падае БЕЛТА.
Ён таксама расказаў, што "не ўсюды працуюць элеватары і склады для захоўвання збожжа" — у кожнай чацвёртай гаспадарцы, як высветлілася пры праверцы. Акрамя таго, практычна ў кожнай другой з правераных гаспадарак корм нарыхтоўваўся з парушэннямі рэгламенту. "Пра якую выканальніцкую дысцыпліну можа ісці гаворка, калі з года ў год міліцыя выяўляе п'яных на працоўным месцы? І іх нямала", — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён зноў казаў пра сусветны голад і шанцы для беларускай сельскай гаспадаркі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.