Лукашэнка загадаў пабудаваць выстаўны цэнтр каля Курапатаў
Нацыянальны выстаўны цэнтр павінен быць пабудаваны да 2021 года. Такое даручэнне даў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 14 траўня, паведамляе яго прэс-служба.
"Такі выстаўны цэнтр у любой краіне патрэбны. У сучасным свеце немагчыма без арганізацыі выставаў і падобных мерапрыемстваў весці перш за ўсё гандаль", — заявіў кіраўнік Беларусі.
Пад будаўніцтва цэнтра вылучаная пляцоўка каля гандлёва-забаўляльнага цэнтра "Экспабел" — паблізу з Курапатамі.
Разглядаліся і іншыя варыянты, у тым ліку ў раёне Малінаўкі на скрыжаванні МКАД і Брэсцкай шашы. Аднак ад гэтай пляцоўкі адмовіліся, бо яна магла "закрануць інтарэсы людзей, якія пражываюць там", адзначае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
У каментары Радыё "Свабода" кіраўнік Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч распавёў, што праект выстаўнага цэнтра каля Курапатаў з'явіўся яшчэ ў 2012 годзе. Мяркуецца, што цэнтр не закране ахоўную зону мемарыялу. Але калі спатрэбіцца, то Аляксандр Лукашэнка сваім указам можа адмяніць ахоўную зону Курапатаў, дадаў Астаповіч.
Курапаты — месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле розных падлікаў, там забітыя некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
На пачатку красавіка беларускія ўлады заняліся "добраўпарадкаваннем" Курапатаў — тут сталі зносіць крыжы, у тым ліку пастаўленыя дастаткова даўно. Аляксандр Лукашэнка ў тэлевыступах пацвердзіў, што ўсё робіцца з ягонага ведама.