Лукашэнка заклікае адмаўляцца ад пластыкавай тары
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў паступова адмаўляцца ад выкарыстання пластыкавай тары, бо яна шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з актывам Мінска ў чацвер, інфармуе БЕЛТА.
Пачаць кіраўнік дзяржавы прапанаваў з бутэлек для вады. "У нас дастаткова вытворчасці шклянога посуду. І не трэба цкаваць людзей. Упэўнены, што ў вялікіх і малых начальнікаў ўжо вадзіца ў шкле. У свеце пайшла тэндэнцыя вызваляцца ад поліэтылену і больш арыентавацца на экалагічна чыстую тару. Гэта задача для вас", — заявіў Лукашэнка.
Беларускі кіраўнік звярнуў увагу на збор, перапрацоўку і захаванне цвёрдых бытавых адкідаў. Па яго словах, магутнасцяў адзінага палігона каля сталіцы хопіць на тры-чатыры гады. І калі не знайсці кардынальныя экалагічныя рашэнні, то вакол сталіцы з'явяцца дзясяткі смеццевых гор. "Толькі мы не ведаем, што з імі рабіць, такія горы нам не патрэбныя", — дадаў ён.
Між тым, перапрацоўка смецця можа стаць прыбытковай справай, зазначыў Лукашэнка. Як прыклад ён згадаў адпаведнае прадпрыемства ў Брэсце. Але беларусы, па яго словах, ставяцца да гэтай справы пачварна.
Сістэма паасобнага збору адкідаў, паведаміў Лукашэнка, працуе кепска: перапрацоўваецца толькі 17%, а мусіць быць не менш за палову ці хаця б 30% на першым этапе.