Лукашэнка запрасіў Пуціна прыехаць у Беларусь на вучэнні "Захад-2017"

Лукашэнка запрасіў Пуціна прыехаць у Беларусь на вучэнні "Захад-2017"

Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у актыўнай фазе беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў "Захад-2017". Пра гэта распавяла яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант.

Кіраўнік дзяржавы будзе назіраць за вучэннямі на тэрыторыі Беларусі. "Пакуль заўчасна казаць пра канкрэтную дату і месцы наведвання. Дадзеная інфармацыя будзе агучана пазней", — перадае БЕЛТА словы Эйсмант.

Раней расійскае выданне "КоммерсантЪ" паведамляла, што Лукашэнка перадумаў ехаць на вучэнні "Захад-2017" на расійскі палігон. Каментуючы гэтую публікацыю, Эйсмант распавяла: "Вядома, напярэдадні вучэння бакі вялі кансультацыі па розных каналах, узгаднялі яго падрыхтоўку, у тым ліку разглядаліся варыянты ўдзелу ў гэтых мерапрыемствах на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў. Аднак першапачаткова планавалася, што Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у вучэнні менавіта на тэрыторыі Беларусі. Уласна, і афіцыйнага запрашэння кіраўніку беларускай дзяржавы прыехаць на гэтае вучэнне ў Расію не паступала".

Па яе словах, рашэнне прымалася на падставе таго, што асноўная арэна дзеянняў сёлетніх вучэнняў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Усе астатнія эпізоды вучэнняў носяць другарадны характар. "Таму натуральна, што менавіта ў нашай краіне чакаўся і ўдзел двух прэзідэнтаў. Дарэчы, на адрас прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна было накіраванае запрашэнне, але на дадзены момант афіцыйнага адказу на гэты конт не паступала. Чакаем", — дадала прэс-сакратар беларускага кіраўніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі