Лукашэнка заявіў, што дапамог РФ стабілізаваць сітуацыю з палівам
У Сочы Аляксандр Лукашэнка зноў сядзеў у "васальскай" позе
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дапамог РФ стабілізаваць сітуацыю з аўтамабільным палівам. 15 верасня ён сустракаецца ў Сочы з Уладзімірам Пуціным. І падкрэсліў, што хоча яго "праінфармаваць" пра аказаную дапамогу.
"Не тое што перабоі, былі некаторыя складанасці на рынку па паліве, — гаварыў Лукашэнка. — Стабілізавалі сітуацыю, паставілі столькі, колькі трэба было Расійскай Федэрацыі, колькі ўрад папрасіў. Здаецца, па 60 тысяч [тон] дызпаліва і бензіну. Сітуацыю стабілізуем на нашых агульных рынках. Калі трэба будзе яшчэ скараціць пастаўкі на знешнія рынкі і для ўнутранага спажывання павялічыць — гэта не праблема".
Цяжкасці ў шэрагу рэгіёнаў Расіі ўзніклі ў жніўні: і з бензінам, і з дызельным палівам. У выніку выраслі цэны. Мяркуецца, што прычынай дэфіцыту стала тое, што пастаўкі на знешні рынак для вытворцаў больш выгадныя, і больш паліва было адпраўлена за мяжу. Не выключана, што больш паліва было адпраўлена і на фронт ва Украіну — украінскія ракеты нямала знішчылі сховішчаў паліва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.